ТРАЦЕ́ЙСКІ СУД, арбітражны суд,
суд, які выбіраецца па ўзгадненні бакоў для вырашэння імі спрэчак цывільна-прававога і гасп. характару. У залежнасці ад суб’ектаў спрэчных праваадносін адрозніваюць 2 віды Т.с.: суды для вырашэння спрэчак паміж фіз. асобамі і суды для вырашэння спрэчак паміж юрыд. асобамі. У Рэспубліцы Беларусь трацейскі разбор спрэчак рэгулюецца адпаведна нормамі цывільнага працэсуальнага або гасп. працэсуальнага кодэксаў. Т.с. можа вырашаць любыя спрэчкі паміж грамадзянамі, акрамя тых, што вынікаюць з працоўных і сямейных праваадносін. Дагавор аб перадачы спрэчкі на Т.с. заключаецца ў пісьмовай форме, дзе спрэчныя бакі бяруць на сябе абавязацельства выканаць яго рашэнне. Рашэнне Т.с., не выкананае добраахвотна, можа быць прыведзена ў выкананне прымусова праз адпаведныя тэр. суды. Для трацейскага вырашэння спрэчак паміж удзельнікамі знешнеэканам. дзейнасці юрыд. асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у Рэспубліцы Беларусь у 1999 створаны міжнар. арбітражны (трацейскі) суд (гл. Арбітраж міжнародны).
т. 15, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)